У Баранавічах адмянілі ўрачыстасці з нагоды 150-годдзя горада
У сувязі з гібеллю 19 мая пад Баранавічамі (Берасцейская вобласць) двух ваенных лётчыкаў адмененыя ўсе мерапрыемствы ў рамках прымеркаванага да 150-годдзя горада свята, гаворыцца ў звароце старшыні гарвыканкама Юрыя Грамакоўскага.
„Сёння трагічная навіна прыйшла ў наш горад. Пацярпеў крушэнне ваенны самалёт лідскай штурмавой авіябазы, на жаль, загінулі два пілоты. Іншых ахвяраў няма, — адзначыў ён. — Маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў, фактычна паўтарылі подзвіг першага Героя Беларусі У. Карвата, здзейснены ў маі 25 гадоў таму”.
„У сувязі з гэтым усе мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках свята „Баранавіцкая вясна” 21-22 мая, адмененыя. Выказваем спачуванне родным і блізкім загінулых лётчыкаў. Ушанаваць памяць загінулых можна з сённяшняга дня ў храме Жонак-Міраносіц”, — паведаміў кіраўнік горада.
Днём 19 мая пад Баранавічамі пацярпеў крушэнне ваенны самалёт лідскай штурмавой авіябазы Як-130.
„Пры выкананні навучальна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць, — гаворыцца ў паведамленні. — Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты імкнуліся адвесці самалёт ад населенага пункта. Пераканаўшыся, што траекторыя падзення самалёта знаходзіцца па-за жылымі дамамі, лётчыкі катапультаваліся. На жаль, абодва лётчыкі загінулі”.
Палёт выконвалі камандзір звяна навучальна-баявой эскадрыллі 116-й штурмавой авіябрыгады (ШАБ) маёр Андрэй Нічыпарчык і лётчык звяна навучальна-баявой эскадрыллі 116-й ШАБ лейтэнант Мікіта Куканенка.
„Іншых ахвяр і разбурэнняў няма. Наступствы крушэння ліквідаваныя сіламі МНС. Да месца здарэння выехала камісія Міністэрства абароны на чале з намеснікам міністра абароны Беларусі па ўзбраенні”, — адзначылі ў ваенным ведамстве.
Мінабароны выказала спачуванні родным і блізкім лётчыкаў і паабяцала дапамагчы сем’ям загінулых.
Фота: Павел Якушэвіч
