У Баранавічах дзеці атруціліся парамі хлору
У Баранавічах 13 дзяцей былі дастаўлены ў мясцовы шпіталь з басейна СДЮШАР № 4 па плаванні з падазрэннем на атручванне парамі хлору. Інцыдэнт здарыўся напярэдадні днём. У басейне займалася група з 15 дзяцей ва ўзросце 13-14 гадоў.
У нейкі момант дзеці адчулі рэзь у горле, ім стала цяжка дыхаць. Была выклікана хуткая дапамога. Служба «103», у сваю чаргу, паведаміла пра інцыдэнт у Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у выніку выпадковага змешвання сродку для апрацоўкі вады і дэзінфікуючага сродку ў вядры, што знаходзілася ў тамбуры запаснога выхаду з басейна, адбылася рэакцыя з вылучэннем пароў хлору. Часткова пары трапілі ў залу плавальнага басейна.
13 з 15 дзяцей былі дастаўлены ў педыятрычнае аддзяленне шпіталя. Пагрозы для жыцця пацярпелых няма.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя