У Баранавічах ля падатковай збіралі подпісы за адмену Дэкрэта №3



У Баранавічах бацька і сын Чарнавусы правялі  ля падатковай інспекцыі збор подпісаў за адмену Дэкрэта №3 “Аб сацыяльным утрыманстве” або  “падатка на дармаеда”.

Затым частка сабраных подпісаў была перададзена ў падатковую і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вользе Палітыка і Таццяне Якубовіч, кажа Мікола Чарнавус (старэйшы):

– Пойдзем да  начальніка падатковай інспекцыі, а пасля да нашых дэпутатаў ад Баранавіч – Палітыкі і Якубовіч. Зараз сабрана 742 подпісы, іх хочам перадаць Лукашэнку.

Мікола Чарнавус (малодшы) патлумачыў людзям  сутнасць справы. Ля падатковай паставілі свае подпісы каля 50 чалавек.

Усе, хто прыйшоў, былі моцна абураныя і рашуча настроеныя змагацца супраць незаконнага пабору:

– Працаваць няма дзе. Сын хадзіў на чатыры субяседванні, але адказаў так і не атрымаў. Чаму ён мусіць ехаць працаваць у іншую краіну, каб выжыць?

– Салідарны з працоўнымі, якія хочуць зарабляць. Але дзяржава ім не дае такой магчымасці.

– Мы не лічым, што жанчына з’яўляецца “дармаедам”. Яна выхоўвае дзяцей.

Трэба адзначыць, што міліцыя здымала падпісантаў на адлегласці і незаўважна. Дзяжурныя міліцыянты не пусцілі журналістаў ні ў падатковай, ні ў гарвыканкаме суправаджаць Чарнавусаў пры здачы падпісаных лістоў.

А ў падатковую нават прыбылі для дапамогі экіпіраваныя 2 амонаўцы, але вялі яны сябе спакойна.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

 

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы