У Баранавічах маліліся ля Крыжа пакут



Сябры “Народнай грамады” і дэмакратычныя актывісты Баранавіч правялі малітву ля Крыжа пакут, які стаіць на месцы турмы НКУС “Крывое кола”. У гэтай турме пакутавалі тысячы мірных грамадзян, многія з якіх былі расстраляныя.

Малітва праведзена ў знак салідарнасці з абаронцамі Курапатаў і ў знак пратэсту супраць знясення там крыжоў, кажа адзін з удзельнікаў малітвы Аляксандр Швед:

– Так балюча, калі бачыш, што ў Курапатах робіцца. Не можам зразумець, як у нас, у хрысціянскай дзяржаве, такое можа адбывацца. Маліліся за тое, каб да нас нарэшце прыйшло святло будучае, каб гасподзь збавіў нас ад тых бязглуздых правіцеляў, якія правяць у нас на Беларусі.

Паводле Аляксандра Шведа, інфармацыю пра маючую адбыцца малітву ён размясціў у сацсетках. На восем удзельнікаў малітвы з’явіліся восем міліцыянтаў. Вось на што ім выдаюцца добрыя заробкі з людской кішэні. Лепш бы гэты час патрацілі на крымінальныя справы, якіх у Баранавічах хапае.

Беларускае Радыё Рацыя