Міліцыя канфіскавала ў Мікалая Чарнавуса оргтэхніку (абноўлена)



У доме грамадскіх актывістаў бацькі і сына Чарнавусаў больш за  3 гадзіны ішоў ператрус. Хоць у пастанове, якую прад’явілі Міколе Чарнавусу (старэйшаму), дакладна сказана правесці агляд. У выніку забралі кампутары і планшэт.

Пастанова аб аглядзе ініцыянавана старшым участковым аддзела аховы правапарадку маёрам міліцыі Лешакам, падпісана намесніцай пракурора Баранавіцкай  міжраённай пракуратуры Інай Данільчык.  

Чарнавуса абвінавачваюць у заведама ілжывым паклёпе на работнікаў Баранавіцкага райвыканкама ў распіцці спіртных напояў у рабочы час. Пра што стала вядома ў інтэрнэце. Чацвёра работнікаў Баранавіцкага гарадскога аддзела міліцыі не кажуць, што шукаюць, гаворыць Мікола Чарнавус:

– Улічваючы , што ў хаце могуць быць знойдзеныя “сляды злачынства і іншыя матэрыяльныя аб’екты , кіруючыся арт. 204 КПК Рэспублікі Беларусь, пастанавілі правесці аглад дома”.

Па словах праваабаронцы Уладзіміра Малея, відавочна, што агляд праводзіцца з грубымі парушэннямі. Пры паклёпе патрэбна шукаць носьбіты інфармацыі. Калі супрацоўнікі заглядаюць ва ўсе шчыліны, то гэта ўжо не агляд, а ператрус. Парушэннем з’яўляецца  адмова паведаміць, што хочуць знайсці:

– Перад пачаткам любых працэсуальных дзеянняў  яны мусілі заявіць, якія прадметы яны шукаюць, і прапанаваць дабравольна іх выдаць. Гэтыя прадметы не называліся.

Паводле Мікалая Чарнавуса (малодшага), пад маркай справы аб паклёпе, у іх праводзяць ператрус за іх актыўную палітычную і грамадскую дзейнасць. Каб знайсці хоць нейкую магчымасць прыцягнуць да  крымінальнай адказнасці.

 

Фота facebook.com/people/Nikolay-Chernous

* * *

У Баранавічах супрацоўнікі міліцыі праводзяць вобыск у доме мясцовага індывідуальнага прадпрымальніка і грамадскага актывіста Мікалая Чарнавуса.

Як паведаміў БелаПАН актывіст, 5 красавіка прыблізна ў 13.00 на рынак, дзе ён працуе, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны даставілі Чарнавуса дамоў, дзе падалі яму „пастанову аб аглядзе дома ў межах праверкі да распачынання крымінальнай справы ў парадку, прадугледжаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам”.

Агляд санкцыянаваны намеснікам баранавіцкага міжраённага пракурора.

„На гэты час супрацоўнікі міліцыі агледзелі падвал дома і першы паверх. Нічога не канфіскавана. Зараз хочуць агледзець другі паверх, дзе жыве мой сын са сваёй сям’ёй. Складваецца ўражанне, што супрацоўнікі міліцыі не ведаюць, што шукаюць”, — заявіў Чарнавус.

Як паведамлялася, 3 красавіка Чарнавус падаў заяўку ў гарвыканкам на правядзенне народнага сходу. Як сказаў заяўнік, мерапрыемства запланаванае 15 красавіка з удзелам да 400 чалавек. „Мэта сходу — выказаць пратэст супраць збяднення простых людзей, зніжэння заробкаў, нізкіх пенсій, росту цэн на тавары і камунальныя паслугі, беспрацоўя”, — дапоўніў Чарнавус.

22 сакавіка суд Баранавіцкага раёна і Баранавічаў аштрафаваў Чарнавуса на 40 базавых велічыняў (920 рублёў) за ўдзел у акцыі супраць дэкрэта № 3, якая адбылася ў райцэнтры 26 лютага.