У Баранавічах усё ж дамагліся беларускага першага класа
У Баранавічах першы беларускі клас з 10 чалавек будзе навучацца ў гімназіі №4 у цэнтры горада. Гэта адна з найлепшых навучальных устаноў у горадзе.
Але за яе бацькі першакласнікаў змагаліся 2 гады. Ім прапаноўвалі іншыя школы, у якія было складана дабірацца. Прыйшлося нават накіраваць зварот у Міністэрства асветы, кажа маці адной з вучаніц Таццяна Малашчанка:
– Вельмі цяжка нам далася гэтая перамога. Гэтага не павінна быць. Усё павінна быць па Канстытуцыі і па законах. Але прыйшлося пазмагацца. Можна сказаць, сем колаў пекла прыйшлося прайсці. Для другіх гэта было б вельмі складана. Многія проста адмоліся б і не сталі змагацца. Яны не разумелі б, чаму, калі яны захацелі аддаць у першы клас дзіця вучыцца па-беларуску, трэба некуды ісці, нешта прасіць, патрабаваць.
Таццяна Малашчанка лічыць, што ў будучым такога не павінна быць. Беларуская мова – гэта першая дзяржаўная мова, мова этнічнай нацыі. Для яе павінны быць створаны самыя лепшыя ўмовы і самыя лепшыя месцы.
Беларускае Радыё Рацыя
