У Баранавічах забаронены пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП



У Баранавічах забаронены пікет у падтрымку незалежнага прафсаюза РЭП і яго кіраўніцтва. Чыноўнікі гарадскога выканаўчага камітэта знайшлі фармальную зацэпку для адмовы: не складзены дамовы з міліцыяй, бальніцай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай. Хаця заяўнік пікету Чарнавус браў на сябе гэтыя абавязацельствы, кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:

– Нідзе не патрабуецца ў Еўропе, каб нехта заключаў нейкія дамовы і плаціў нейкія грошы камусьці. Гэта дзяржава павінна рабіць сама. Для гэтага міліцыя атрымоўвае з дзяржаўнага бюджэту грошы. А хуткая дапамога, калі што здарыцца, то заяўнікі выклічуць яе па мабільным тэлефоне. Прыбіраць тэрыторыю? Гэта пікет. Якое смецце?

Праваабаронца Сяргей Гоўша лічыць, што патрэбна мяняць як мясцовыя пастановы, так і сам закон пра масавыя мерапрыемствы ў Рэспубліцы Беларусь. Забарона пікету чыноўнікамі парушае правы чалавека. Аб чым не аднойчы гаварылася ў адказах Камітэта па правах чалавека на скаргі з Баранавіч. Чыноўнікам раілі змяніць законы. Але закона “Аб масавых мерапрыемствах” улады мяняць не хочуць, кажа Сяргей Гоўша.

 

Беларускае Радыё Рацыя