У Баранавічах затрыманы мужчына, які паведаміў пра „мініраванне” вакзала



16 ліпеня прыкладна ў 11.30 у аператыўна-дзяжурную частку Баранавіцкага ГАУС паступіла інфармацыя аб „замініраванні” чыгуначнага вакзала, паведаміла прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім телеграм-канале.

„На месца здарэння выбыла следча-аператыўная група, — напісала яна. — Невядомы патэлефанаваў з таксафона. Цяпер затрыманы мужчына 1980 года нараджэння. З будынка вакзала былі эвакуіраваныя 70 чалавек”.

Напярэдадні, 15 ліпеня, у абласныя і сталічны камітэты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі па электроннай пошце таксама паступілі паведамленні аб мініраванні будынкаў. Па факце непраўдзівага паведамлення аб мініраванні Следчы камітэт распачаў крымінальную справу.

Паводле звестак СК, з пачатку года ў Беларусі распачатыя 19 крымінальных спраў па фактах заведама непраўдзівых паведамленняў пра небяспеку, па 12 з іх устаноўленыя „асобы, якія падлягаюць прыцягненню ў якасці абвінавачаных”. У гэтай сувязі ведамства нагадвае пра крымінальную адказнасць за заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы, якая наступае з 14 гадоў. Максімальнае пакаранне паводле арт. 340 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — сем гадоў пазбаўлення волі.

belapan.by