У Баранавічах змагаюцца за беларускамоўны клас



Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах усю вясну намагаецца стварыць у новым навучальным годзе першы беларускі клас на базе Гімназіі №4.

Вядзецца праца з бацькамі, з дзецьмі,  для гэтай мэты створаны лялечны тэатр, вядуць перамовы з  чыноўнікамі, якія прапанавалі для беларускага класа  школу №13 на задворках, дзе вучацца разумова адсталыя дзеці. Бацькі адмовіліся. 

Пры такім стаўленні чыноўнікаў  пакуль нічога не атрымліваецца. кажа старшыня камісіі па выкарыстанню беларускай мовы і адукацыі Таццяна Малашчанка:

— Перспектывы бацькі не бачаць. Я адну прычыну бачу ў тым, што сапраўды няма вышэйшай адукацыі па-беларуску. Бацькі задаюць пытанне: а што далей? Выканаўчая ўлада не працуе: у іх няма ані грошай, нічога. У аніводнай краіне свету такога няма.

Старшыня Таварыства беларускай мовы ў Баранавічах Мікалай Падгайскі бачыць у гэтым уплыў рускага міру. Гэта менавіта з Расеі паступае забарона на нацыянальнае навучанне, упэўнены Падгайскі:

— Дзейнічае яшчэ трэцяя тайная сіла. Тут задзейнічаны сілы рускага свету, якія працуюць незаўважна з вышэйшым чынавенствам. Ідзе магутнае супрацьдзеянне стварэнню Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Трыста гадоў у нас няма беларускамоўнага навучання, вышэйшая школа як была знішчана.

Сябры Таварыства будуць працаваць далей, нягледзячы ні на што.  Таццяна Малашчанка стварыла спіс: 10 плюсоў навучання па беларуску, які распаўсюджвае праз незалежныя СМІ. Летам запланаваныя выступы лялечнага тэатру па дзіцячых садках горада.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы