У Барані збіраюцца зруйнаваць стогадовыя корпусы былога завода



Такім чынам адміністрацыя ААТ «Тэхніка сувязі» хоча пазбавіцца ад пустых памяшканняў на сваёй тэрыторыі.

Будынкі з чырвонай цэглы прастаялі тут з пачатку 20-га стагоддзя – з тае пары, калі тут з’явілася першае мясцовае прамысловае прадпрыемства – цвікова-дротавы завод, кажа былы дэпутат Бараньскага гарсавету, краязнаўца Віктар Міхасёў:

Будынкі гэтыя – старажытныя. Прыкладам, той, што абвешчаны пад знос, быў узведзены ўладальнікам заводу як мінімум у пачатку 20-га стагоддзя, верагодна, у 1908-м годзе. Пасля вайны яго крыху перабудавалі, і ў дакументах ён лічыцца як 1952-га года.

Праз тое, што ў паваенны час будынкі змянілі сваё аблічча, іх не лічаць помнікамі архітэктуры. Яны не ахоўваюцца дзяржавай, і на прадпрыемстве магчымасці ператварыць пустыя памяшканні ў нешта карыснае нават не разглядаюцца, гаворыць Віктар Міхасёў:

– Перспектыва галоўная – гэта адкрытасць краіны, гэта інвестыцыі, гэта свабода прадпрымальніцтва. Тады і людзі з’явяцца, гатовыя адчыніць там нешта цікавае – ці музей, ці кавярню, ці нейкую карысную вытворчасць. Тады і будынак не прападзе.

Але адміністрацыя «Тэхнікі сувязі» ужо абвясціла тэндар і гатовая заплаціць 550 тысяч рублёў за знос аднаго з гістарычных будынкаў. Усяго вырашана знесці 4 будынкі, і яшчэ два – прадаць. Прычым кіраўніцтва не бянтэжыць нават тое, што сам Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы прадпрыемства летась, абавязаў навесці тут парадак і адмовіцца ад заганнай практыкі зносу вытворчых памяшканняў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя