У Барысаўскім раёне УАЗ урэзаўся ў калону байкераў



Відавочцы паведамілі БелТА пра тое, што па меншай меры чатыры чалавекі пацярпелі ў выніку ДТЗ, якое адбылося ў Барысаўскім раёне ўвечары 16 чэрвеня.

Прыкладна а 19.30 на 434-м кіламетры аўтатрасы Берасця-Менск-мяжа РФ (М1) каля развязкі Барысаў-Беразіно УАЗ урэзаўся ў калону байкераў, якая рухалася ў кірунку Барысава.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння па меншай меры чатыры матацыклісты атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Трое з іх атрымалі цяжкія траўмы і былі дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне бліжэйшай бальніцы.

На месцы аварыі працавала аператыўна-следчая група. Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюцца, вядзецца апытанне сведкаў.

Па некаторых звестках, адзін УАЗ цягнуў на жорсткай счэпцы іншы. У нейкі момант яны пачалі перастраенне у суседнюю паласу, па якой рухаліся сем матацыклістаў. Трое з іх паспелі праехаць, аднак чатыры не паспелі пазбегнуць сутыкнення.