У Барысаўскім раёне забілі ігуменню праваслаўнага манастыра (абноўлена)



У Барысаўскім раёне забітая ігумення праваслаўнага Cвята-Ксеніеўскага манастыра матушка Васіліса.

img_1575

Ігуменню магла забіць адна з жанчын, якая прыходзіла дапамагаць у бажніцу. 

Падазраваная ў забойстве ігуменні манастыра ў Барысаўскім раёне затрыманая. Пра гэта belta.by паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэту па Менскай вобласці Таццяна Беланог.

„Цяпер з удзельнікамі трагічнай падзеі працуюць следчыя. У межах крымінальнай справы, заведзенай па артыкуле „Забойства”, затрымалі падазраваную, у дачыненні да якой прызначаная псіхолага-псіхіятрычнаяэкспертыза”, – заявіла прадстаўніца Следчага камітэту.

Паводле інфармацыі Барысаўскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, у нападзе на ігуменню Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра матухну Васілісу падазраецца 29-гадовая грамадзянка Казахстана, якая жыве пры манастыры. Яе часова прытулілі ў манастыры, жадаючы дапамагчы ў вырашэнні жыццёвых праблем. „На працягу яе знаходжання ў манастыры, асабліва напярэдадні таго, што здарылася, адзначалася псіхічнае расстройства маладой жанчыны, якое і стала прычынай яе страшнага ўчынку”, — паведамляе прэс-служба епархіі.

Між тым, як паведаміла БелаПАН кіраўнік паломніцкай службы Cвята-Ксеніеўскага манастыра Наталля Закрэўская, напад на матушку Васілісу быў здзейснены позна вечарам 4-га альбо ўначы 5 студзеня. Ігумення з нажавымі раненнямі была дастаўленая ў бальніцу, але выратаваць яе не ўдалося.

Паводле слоў Закрэўскай, хто менавіта здзейсніў напад, дакладна невядома, гэта магла быць жанчына, што дапамагала ў манастыры. „Гэта нейкі хворы чалавек, — выказала здагадку кіраўнік паломніцкай службы. — Матухна прывячала ў манастыры ўсіх — п’яніц, убогіх. Больш за ўсё яна радавалася за такіх людзей”.

Закрэўская паведаміла, што развітанне з памерлай адбудзецца 8 студзеня. Манастыр чакае ўсіх ахвотных памаліцца за матушку Васілісу або дапамагчы ў падрыхтоўцы да развітання з ёй, дадала кіраўнік паломніцкай службы.

img_1618

Паводле інфармацыі сайта Cвята-Ксеніеўскага манастыра, ігумення Васіліса (Мядзведзь) нарадзілася 10 сакавіка 1949 года ў горадзе Сосніца Чарнігаўскай вобласці (Украіна). Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага педагагічнага інстытута. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкай Петра-Паўлаўскага сабора ў Менску, затым пасля ўтварэння Елізавецінскага сястрынства пры саборы стала сястрой міласэрнасці. У 2001 годзе служыла паслушніцай Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Менскам, потым прыняла пострыг. З 2004 года з благаславення мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, — ігумення Свята-Ксеніеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёна.

belapan.by

Фота: mlyn.by