У бацькоў супрацоўніцы «Моцных навін» правялі ператрус
У доме ў бацькоў рэдактара «Моцных навін» Сняжаны Пагодзінай у Жлобіне правялі ператрус – прыйшлі сямёра сілавікоў з санкцыяй следчага.
Па словах міліцыянтаў, нібыта на суседняй вуліцы вісеў БЧБ-сцяг, яны шукалі, хто яго вывесіў. У пастанове ж пазначана, што ператрус правялі ў рамках крымінальнай справы па прычыне «здзекаў над дзяржаўным сцягам». Ператрус прайшоў і ў цёткі Сняжаны. Правяралі ў хаце і ў гаспадарчых пабудовах.
– Заходзілі нават у хлеў, дзе былі козы, – распавяла Сняжана.
Дзяўчына распавяла, што ў хаце міліцыянты нічога не знайшлі. Ніхто з суседзяў не пагадзіўся быць панятымі – запрасілі прадстаўнікоў цыганскай дыяспары.
Журналістка звязвае ператрус і тое, што яго правялі ў выходны дзень, са сваёй грамадзянскай пазіцыяй. Адзначае, што на вуліцы ў прыватным сектары каля 60 дамоў, але сілавікі прыйшлі менавіта да яе сваякоў.
Беларускае Радыё Рацыя