У Белаазёрску за „палітыку” звольнілі настаўніцу



Лукашэнкаўскі рэжым працягвае звальненне спецыялістаў па палітычных матывах.

Чарговай ахвярай такога звальнення стала настаўніца вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы №3 горада Белаазёрска Таццяна Брыч. З 27 гадоў стажу 24 з іх аддадзены гэтай школе, якую ў свой час сама закончыла з залатым медалём. Кіраўніцтва ад адукацыі разам з пракурорам выкручвала настаўніцы рукі, прымушаючы звольніцца па ўласным жаданні. Але прынцыповая педагог выстаяла, не паддалася націску, таму звольнена за здзяйсненне „амаральнай правіннасці”, кажа Таццяна Брыч:

– Фармальным абгрунтаваннем для майго звальнення стаў нібыта мой удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах восенню. Афіцыйнага абгрунтавання дагэтуль няма, было сказана, што гэта патрабавнне пракуратуры.

Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, рашэнне „тройкі”- загадчыка аддзела адукацыі Аляксандра Шымчука, дырэктаркі школы Таццяны Басік і галоўнага спецыяліста Бярозаўскага раённага аддзела адукацыі Жанны Касевіч – нагадвае далёкія гады рэпрэсій. Кіраўнікам ад адукацыі не шкада высакакласных спецыялістаў, калі загадаюць зверху:

– „Тройка” вырашыла, што яна не можа навучыць вучняў асновам беларускай дзяржаўнай ідэалогіі. Таму за дыскрэдытацыю і маральны праступак можа быць звольнена з працы нават знаходзячыся на бальнічным.

Чым далей будзе займацца Таццяна Брыч, яшчэ не вырашыла. Яна добра ведае, што веды і вопыт застаюцца пры ёй, як і званне прынцыповага педагога, які не здраджвае прынцыпам.

Беларускае Радыё Рацыя