У Беларусі 38.956 пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 38.956, памерла 214 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ шэсць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 897, або на 2,3% (у папярэднія суткі было 915 новых выпадкаў і чатыры смерці). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Паправіліся і выпісаныя 15.923 пацыенты (+837 за суткі). Усяго праведзена 485.534 тэсты на каранавірус, у тым ліку за апошнія суткі — 12,6 тысячы.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку хворых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і тых, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

26 мая падчас анлайн-прэзентацыі эканамічнага прагнозу па Беларусі прадстаўнікі Сусветнага банка (СБ) рэкамендавалі беларускім уладам зрабіць дадатковыя захады для таго, каб папярэдзіць распаўсюджванне каронавіруснай інфекцыі. У адваротным выпадку страта для краіны будзе велізарнай, заявілі яны. „Беларускі ўрад павінен зрабіць дадатковыя захады па стрымліванні распаўсюджвання захворвання”, — сказала старшы эканаміст СБ па Беларусі і Украіне Тэхміна Хан.

Яна звярнула ўвагу на тое, што цяпер Беларусь уваходзіць у шасцёрку вядучых краін у свеце па колькасці заражаных каронавірусам на мільён насельніцтва. „У Беларусі гэты паказчык большы, чым у ЗША, большы, чым у Расеі, і нават вышэйшы, чым у Швецыі. У Беларусі фіксуецца досыць вялікая колькасць новых хворых, і важна зараз стрымліваць распаўсюджванне захворвання, пакуль гэта не перарасло ў масавую эпідэмію”, — падкрэсліла Хан.

Калі гэта адбудзецца, шкода для Беларусі будзе велізарнай, заявіла старшы эканаміст СБ. „Тады эканамічныя наступствы будуць для краіны значна большыя, а аднаўленне стане яшчэ больш складаным”, — дадала яна.

У сваю чаргу кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер паведаміў, што даследаванні СБ пацвярджаюць справядлівасць такой высновы. „Краіны, якія маюць самыя мяккія наступствы ад каранавіруса, вельмі рана ўвялі сур’ёзныя меры па сацыяльным дыстанцыяванні. Важна, каб дзяржорганы Беларусі адзначылі гэта для сябе”, — сказаў Крэмер.

Паводле яго слоў, зараз Беларусь уваходзіць у крызіс, звязаны з каронавірусам, „ужо маючы складаную эканамічную сітуацыю”. „У Беларусі каронакрызіс наклаўся на іншыя праблемы ў эканоміцы. Гэта доўгатэрміновыя праблемы, звязаныя з дзяржпрадпрыемствамі, неэфектыўным выкарыстаннем грашовых сродкаў, наступствы падатковага манеўру ў Расеі”, — зазначыў Крэмер.

belapan.by

Фота Reuters