У Беларусі 43.403 пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 43.403, памерла 240 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ пяць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 847, ці на 1,9% (у папярэднія суткі было 898 новых выпадкаў і шэсць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.

Ачунялі і выпісаныя 18.776 пацыентаў (+262 за суткі). Усяго праведзена 553.377 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 12,3 тыс.

Міністэрства аховы здароўя зноў не апублікавала статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы.

29 мая падчас наведвання Мінскага трактарнага завода Аляксандр Лукашэнка заявіў: „Я па-ранейшаму прытрымліваюся аднаго прынцыпу: гэта больш за хваробу. Хвароба займае палову, магчыма, і менш. Усё астатняе — гэта палітыка”.

Лукашэнка адзначыў, што некаторыя бальніцы ўжо пачынаюць вяртацца да працы па сваёй спецыялізацыі. „У Віцебску ўжо, па-мойму, тры бальніцы вымылі з тых, якія мы выкарыстоўвалі, каб лячыць людзей з вірусам. Гэта кажа аб тым, што мы паціху выпаўзаем”, — сказаў ён.

Падчас анлайн-брыфінгу 28 мая дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Ханс Клюге паведаміў, што Беларусь увайшла ў пяцёрку краін Еўропы з найбольшай колькасцю зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 за апошнія два тыдні. Акрамя Беларусі ў першай пяцёрцы Расія, Вялікабрытанія, Турцыя і Італія.

Клюге адзначыў, што на фоне пандэміі Еўропа ўступае ў фазу эканамічнага спаду, але разам з тым перасцярог краіны ад таго, каб з-за гэтага яны скарачалі дзяржаўныя расходы на ахову здароўя. „Сёння нашым прыярытэтам павінна стаць інвеставанне ў ахову здароўя, у сацыяльную абарону і, перш за ўсё, каб пазбегнуць жорсткай эканоміі, якая разбурыла жыцці многіх у Еўропе. Інвеставанне ў ахову здароўя і сацыяльную абарону — асабліва ва ўмовах нестабільнай эканомікі — з’яўляецца прыкметай адказных палітычных дзеянняў”, — падкрэсліў дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ.

belapan.by

Фота: МН