У Беларусі 64.767 пацверджаных выпадкаў COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 64.767 (+163 за апошнія суткі), памерла 459 чалавека (+5), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Трэція суткі запар прырост інфікаваных, паводле афіцыйнай статыстыкі, ніжэйшы за 200. У папярэднія суткі было 193 новыя выпадкі і пяць смерцяў.

Адзначаецца, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 54.919 пацыентаў (за апошнія суткі 665). Такім чынам, вылечылася больш за 80% тых, хто захварэў.

Праведзена 1.123.158 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 11.544.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Больш як два месяцы міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

9 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік заявіў, што за апошні месяц колькасць інфікаваных COVID-19 знізілася ў некалькі разоў, і колькасць пнеўманій таксама. „Апошнія тыдні мы назіраем устойлівую станоўчую дынаміку. Гэта тычыцца як колькасці выяўленых выпадкаў інфікавання, так і (што найбольш важна) колькасці ўскладненых формаў захворвання. Гэта тыя пацыенты, у якіх цячэнне каранавіруснай інфекцыі ўскладняецца пнеўманіямі”, — сказаў Каранік, каментар якога паказаў тэлеканал СТВ.

Зніжэнне захворвання, паводле слоў міністра, дазваляе праводзіць зваротнае перапрафіляванне ложкавага фонду. „Гэта тычыцца ўсіх рэгіёнаў без выключэння нашай краіны. Бальніцы вяртаюцца да звычайнага рэжыму функцыянавання”, — дадаў ён.

Як адзначаюць у Міністэрстве аховы здароўя, цяпер няма неабходнасці ў вялікай колькасці бальніц для пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Разам з тым ідзе праверка гатоўнасці медустаноў на выпадак другой хвалі COVID-19.

belapan.by

Фота: МН