У Беларусі 67.251 пацверджаны выпадак COVID-19



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 67.251 (+119 за апошнія суткі), памерла 538 чалавек (+4), паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

За мінулыя суткі зноў знізіўся прырост інфікаваных. Ніжэй за 200 выпадкаў ён трымаецца 19-ты дзень запар. У папярэднія суткі было 130 новых выпадкаў і чатыры смерці.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 60.492 пацыенты (за апошнія суткі 67). Такім чынам, вылечылася 90% хворых.

Праведзена 1.257.399 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 6.040.

Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку тых, хто захварэў па абласцях і Мінску, а таксама хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, якія маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Амаль тры месяцы Міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

Барацьба з пандэміяй каштавала бюджэту амаль паўмільярда рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам эканамічнага блока краіны. „Беларусы павінны ведаць, што, да прыкладу, барацьба з каранавірусам ужо каштавала бюджэту амаль паўмільярда рублёў. Тут і дадатковыя выдаткі на медыцыну, і сродкі на падтрымку рэальнага сектара эканомікі. Але чалавек заўсёды важнейшы за грошы”, — цытавала кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што „дзякуючы агульным намаганням айчынная сістэма аховы здароўя справілася”, колькасць хворых зніжаецца. „Я маю на ўвазе не пратэставаных, а рэальна хворых. Але сітуацыя ў свеце далёка не аптымістычная: гэтай хваробай заразіліся амаль 15 млн чалавек. Ёсць краіны, дзе ўводзяць паўторныя абмежавальныя меры. Гэта значыць людзей замкнулі, увялі каменданцкую гадзіну, адамкнулі і атрымалі новы ўсплёск хваробы, давялося зноў замыкаць у кватэрах”, — сказаў ён.

У сувязі з гэтым Лукашэнка падтрымаў медыкаў, якія раяць сёлета адпачываць толькі ў Беларусі, каб пазбегнуць другой хвалі інфекцыі. „Я ўжо папярэдзіў: мы нікому нічога не забараняем, куды хочаце едзьце, але пасля вяртання ў краіну сядзеце на каранцін за свой кошт. З усімі наступствамі”, — заявіў ён.

belapan.by

Фота: МН