У Беларусі 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31- на ШВЛ



У Беларусі шпіталізаваныя 794 чалавекі з COVID-19, з іх 31 – на штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе аб сітуацыі з распаўсюджваннем каронавірусу, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

«Хварэць мы будзем. Толькі пажадана, каб не было лавінападобнага скачка па захворванні, каб гэтая лінія прайшла як мага бліжэй да гарызанталі. Пакуль сістэма аховы здароўя з гэтым спраўляецца. У нас сёння 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 – на ШВЛ. Катастрофы абсалютна няма», – падкрэсліў ён.

«Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, асабліва калі гаворка ідзе пра старых, – дадаў Лукашэнка. – І калі мы хочам, каб потым нашы дзеці нас аберагалі і змагаліся за наша жыццё, мы павінны змагацца за жыццё кожнага старога, таму што, да няшчасця, гэты вірус б’е перш за ўсё па старых і па тых, хто слаба абаронены імуннай сістэмай».

Як вынікае з сюжэту навін на тэлеканала СТВ, ён заклікаў кожнага выконваць свой абавязак. «Калі я нешта магу для вас зрабіць, калі ласка, скажыце. Я ўжо міністру казаў: «Трэба, Уладзімір Сцяпанавіч (міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. – БелаПАН.), значыць, з табой пойдзем лячыць людзей. Толькі ты мне скажы, што я там павінен рабіць». «Кожны павінен займацца сваёй справай, без панікі, спакойна і прыгожа, – сказаў Лукашэнка. – Мы павінны з вамі перамагчы прыгожа. Мы павінны выратаваць людзей годна. Кожны чалавек не павінен думаць, што ён туды трапіў з гэтым вірусам, што ён – смяротнік. Не, усіх выратуем, каго толькі можна. І вы для гэтага павінны зрабіць усё, таму давайце сурʼёзна абмяркуем гэтую праблему».

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, у нарадзе ў Палацы Незалежнасці бралі ўдзел міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, а таксама кіраўнікі розных узроўняў і арганізацый, якія адказныя за працу з COVID-19. «На мерапрыемстве прысутнічалі у тым ліку начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя абласцей і галоўныя лекары некаторых устаноў аховы здароўя», – паведаміла ў афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя.

На 6 красавіка ў Беларусі было пацверджана 700 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19, 13 чалавек памерлі, на стацыянарным лячэнні знаходзіліся 634. 5 красавіка Міністэрства аховы здароўя паведамляла пра 562 заражаных і 8 памерлых.

БелаПАН

Фота: БелТА

[manual_related_posts]