У Беларусі адкрыліся ўчасткі па выбарах прэзідэнта Украіны



31 сакавіка ў 8.00 у Менску і Берасці адкрыліся ўчасткі па выбарах прэзідэнта Украіны.

Як паведамілі БелаПАН ва ўкраінскім пасольстве, грамадзяне Украіны, якія жывуць у Менску, Менскай, Магілёўскай, Гомельскай і Віцебскай абласцях, могуць прагаласаваць у сталіцы па адрасе: вуліца Старавіленская, 51. Жыхары Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей могуць прыйсці для галасавання на выбарчы ўчастак у Берасці, які размешчаны на вуліцы Вароўскага, 19. Абодва ўчасткі будуць працаваць да 20.00.

Паводле разлікаў украінскага ЦВК, у выбарах прэзідэнта Украіны могуць узяць удзел амаль 12 тысяч суайчыннікаў, якія жывуць у Беларусі. Арыенціровачная колькасць выбаршчыкаў — 6.961 на выбарчым участку ў пасольстве Украіны ў Менску і 4.940 — у генеральным консульстве ў Берасці.

На пасаду прэзідэнта Украіны прэтэндуюць 39 кандыдатаў. Паводле звестак апошніх сацыялагічных апытанняў, лідарам прэзідэнцкай гонкі з’яўляецца папулярны акцёр-комік Уладзімір Зяленскі. Другое і трэцяе месцы ў рэйтынгах займаюць дзейны прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і былы прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка.

belapan.by