У Беларусі актуалізуюцца праблемы гендэрнай роўнасці



У Беларусі да 2020 года прыняты Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці ў краіне. Сярод шасці вызначаных пазіцый асаблівая ўвага надаецца супрацьдзеянню сямейнаму гвалту. Менавіта на гэтай глебе штогод у краіне рэгіструецца звыш 2 тысяч злачынстваў.

Трэба павялічваць асветніцкую і прафілактычную працу сярод жанчын, мяркуе псіхолаг Наталля Вярбіцкая. На яе думку, пакуль толькі два чыннікі вымушаюць жанчыну не маўчаць.

– Трэба змяніць светагляд. Трэба змяніць адносіны да сябе і да навакольных. Узняць сваю самаацэнку, палепшыць упэўненасць у сябе. І зразумець, тое, што з ёй адбываецца, не ёсць нормаю чалавечых адносін, бывае інакш, бывае значна лепш. На самой справе сёння ў Беларусі жанчыны могуць прыйсці да такога разумення двума шляхамі – першы, калі ўзнікае пагроза яе уласнага жыцця, або пагроза жыцця яе дзяцей, і другі варыянт, калі знойдзецца кваліфікаваны спецыяліст, псіхолаг.

Дакладная колькасць ахвяр сямейнага гвалту невядомая. Калі штогод узбуджаецца звыш 2 тысяч крымінальных спраў, то адміністрацыйных правапарушэнняў каля 40 тысяч у сямейна-бытавой сферы.   

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя