У Беларусі анансавалі „альтэрнатыўны” Камітэт салдацкіх маці
Для таго каб палепшыць імідж айчыннага войска, у Беларусі збіраюцца стварыць яшчэ адзін “Камітэт салдацкіх маці”.
Пра гэта “Народнай Волі” распавяла праваабаронца Наталля Гарачка, якая выступіла ініцыятарам стварэння новай арганізацыі.
– На сённяшні дзень у Беларусі ёсць грамадскае аб’яднанне, якое называецца “Маці салдатаў”, – гаворыць Наталля Гарачка. Але гэта хутчэй “ручное падраздзяленне” Міністэрства абароны. Прадстаўнікі гэтай арганізацыі інспектуюць вайсковыя часці разам са службовымі асобамі з Мінабароны Беларусі. Паводле вынікаў гэтых інспекцый, як правіла, робяцца справаздачы, у якіх пішацца, што ў беларускім войску ўсё добра. Але ж мы ведаем, што гэта не так, і нядаўні выпадак з Аляксандрам Коржычам гэта яшчэ раз паказаў. Я і на ўласным досведзе ведаю, што абстаноўка ў сучасным беларускім войску далёкая ад ідэальнай. Нядаўна з арміі вярнуўся мой сын Іван. Вярнуўся ў такім стане, быццам бы быў не ў арміі, а ў турме. Бачна, што яму вельмі цяжка псіхалагічна, ён дагэтуль выходзіць з “армейскага стану”…
– Ці выходзілі вы з прапановай аб стварэнні “Камітэта салдацкіх маці” на Міністэрства абароны Беларусі?
– Так, я асабіста была ў Генштабе Мінабароны яшчэ 1 лістапада, сустракалася са службовымі асобамі, выклала і абгрунтавала пазіцыю: Беларусі патрэбна грамадская арганізацыя, якая займалася б маніторынгам спраў у беларускім войску. Я сустрэла там паразуменне.
Я пакінула ў Мінабароны заяву, у якой, па сутнасці, паставіла вайскоўцаў перад фактам: у Беларусі будзе створаны “Камітэт салдацкіх маці”. Падкрэслю, мы ні ў якім разе не збіраемся ганьбіць нашу армію. Разам з Міністэрствам абароны мы хочам палепшыць умовы службы, зрабіць так, каб маці спакойна адпускалі туды сваіх сыноў, а не ўспрымалі прызыў як трагедыю. Таму мы прапануем, каб у арміі ў праблемных выпадках са службоўцамі працавалі псіхолагі, мы прапануем, каб канфлікты паміж вайскоўцамі выяўляліся і вырашаліся на ранніх стадыях.
– Але для таго, каб гэта ажыццяўляць, трэба ездзіць па вайсковых часцях…
– Па-першае, мы чакаем рэакцыі на прапанову з боку Мінабароны – адказ на мой ліст павінен прыйсці ў першых чыслах снежня. Па-другое, “Камітэт салдацкіх маці” не будзе працаваць падпольна – мы пойдзем на рэспубліканскую рэгістрацыю. Па-трэцяе, калі Мінабароны і сапраўды зацікаўлена ў тым, каб імідж беларускай арміі ўзняўся, з намі будуць працаваць. А наконт паездак – дык мы гатовы ездзіць па вайсковых часцях. Але толькі з адной умовай: пра візіты прадстаўнікоў нашага камітэта не павінны загадзя папярэджваць на месцах.
Нам не патрэбны палігоны і інфармацыя пра наяўнасць сакрэтнай тэхнікі ў той ці іншай часці, нам патрэбны допуск у казармы і кухні, каб на ўласныя вочы пабачыць, у якіх умовах служаць нашы хлопцы. Важна, каб паважаліся правы шараговых вайскоўцаў. На сённяшні дзень гэта закрытая для грамадства зона.
Пасля кантактаў з прадстаўнікамі Мінабароны – і з ідэалагічным адзелам, і з іншымі службоўцамі – я зразумела: гатоўнасць пайсці нам насустрач ёсць. Мы не жадаем нашым вайскоўцам зла. Скажу яшчэ раз: сваёй працай мы хочам палепшыць імідж беларускага войска ў грамадстве.
Чакаецца, што ініцыятыўная група па стварэнні “Камітэта салдацкіх маці” прэзентуе свае планы шырокай грамадскасці на пачатку наступнага тыдня.
