У Беларусі больш за 51 тысячу пацверджаных выпадкаў COVID-19
Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 51.066, памерла 288 чалавек, паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Такім чынам, за апошнія суткі памерла яшчэ шэсць чалавек, а агульная колькасць выпадкаў COVID-19 павялічылася на 801, або на 1,6% (у папярэднія суткі было 812 новых выпадкаў і шэсць смерцяў). Міністэрства аховы здароўя традыцыйна падкрэслівае, што памерлі пацыенты „з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй”.
Ачунялі і выпісаныя 25.667 пацыентаў (+1.161 за суткі). Усяго праведзена 659.565 тэстаў на каранавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 15.405.
Міністэрства аховы здароўя даўно не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Мінску, а таксама колькасць хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і пацыентаў, што маюць патрэбу „ў асаблівай увазе спецыялістаў у сувязі з цяжарам захворвання”. Другі месяц Міністэрства аховы здароўя не праводзіць прэс-мерапрыемствы.
9 чэрвеня падчас анлайн-брыфінгу галоўны пазаштатны спецыяліст Міністэрства аховы здароўя па трансфузіялогіі Фёдар Карпенка паведаміў, што ў Беларусі вядзецца праца над атрыманнем спецыфічнага імунаглабуліну-антыковіду. Паводле яго слоў, у РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій усім пастаянным донарам крыві прапануюць здаць аналіз на антыцелы да каранавіруса COVID-19. „У далейшым, калі ўдасца сабраць дастатковую колькасць імуннай плазмы — прыблізна 50-60 літраў, можна паспрабаваць вырабляць з яе спецыфічны антыкавідны імунаглабулін. Яго можна будзе ўводзіць унутрымышачна ці ўнутрывенна, і ён будзе працаваць практычна як плазма”, — растлумачыў Карпенка.
З красавіка плазму крыві з антыцеламі да COVID-19 у краіне здалі ўжо больш за 250 чалавек, якія перахварэлі каранавірусам, зроблена больш за 300 данацый.
Фота: МН
