У Беларусі да 6 красавіка абмежаванае правядзенне масавых мерапрыемстваў



На спецыяльнай нарадзе ў Савеце міністраў 12 сакавіка прынятае рашэнне абмежаваць правядзенне ў краіне ўсіх культурна-масавых, спартыўных і навуковых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам да 6 красавіка, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

„Міністэрства аховы здароўя лічыць, што асноўная задача на сённяшні момант — знізіць рызыку завозу віруса з іншых краін, — адзначаецца ў паведамленні. — Дазвол на правядзенне астатніх масавых мерапрыемстваў будзе выдавацца пасля ацэнкі наяўнасці ўмоў для іх правядзення. Асноўная задача — без рызыкі для прысутных!”

Акрамя таго, з 12 сакавіка праводзіцца маніторынг „месцаў масавага збору грамадзян” на наяўнасць правільнай працы вентыляцыйных шахт, антысептыкаў і захавання іншых санітарных нормаў.

За апошнія суткі колькасць выяўленых у краіне носьбітаў каранавіруса COVID-2019 павялічылася з 12 да 21.

belapan.by