У Беларусі другія суткі запар выяўлена больш за 400 новых выпадкаў COVID-19



 Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі COVID-19 у Беларусі дасягнула 79.852 (+431 за апошнія суткі), памёр 851 чалавек (+7), паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

За суткі прырост новых выпадкаў інфекцыі павялічыўся. 2 кастрычніка, паводле афіцыйнай статыстыкі, было 402 новыя выпадкі і пяць смерцяў.

Міністэрства аховы здароўя адзначае, што з пачатку рэгістрацыі ў краіне COVID-19 ачуняла і выпісана 75.148 пацыентаў (166 за апошнія суткі).

Праведзена 1.916.340 тэстаў на каронавірусную інфекцыю, у тым ліку за мінулыя суткі — 19.077.

Міністэрства аховы здароўя з вясны не публікуе статыстыку захварэлых па абласцях і Менску, а таксама цяжкіх хворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Больш за пяць месяцаў міністэрства не праводзіць прэс-мерапрыемствы на гэтую тэму.

1 кастрычніка ў краіне пачалася вакцынацыя добраахвотнікаў у рамках даследавання расійскай вакцыны ад каронавіруса „Спадарожнік V”. Паводле слоў выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, ужо больш за 4 тыс. беларусаў выказалі жаданне прыняць удзел у вакцынацыі.

Клінічныя даследаванні пройдуць у васьмі медыцынскіх установах Беларусі, з іх шэсць — гэта паліклінікі Мінска: 1-я, 4-я, 5-я, 14-я, 19-я і 28-я.

belapan.by