У Беларусі дзевяць новых палітычных зняволеных



Праваабарончая супольнасць Беларусі заяўляе пра прызнанне палітвязнямі чарговых дзевяці чалавек.

Праваабаронцам стала вядома аб асуджэнні:

Валянціна Панасіка паводле ч. 3 арт. 130, 342, ч.1 293 КК да шасці гадоў зняволення за публікацыі ў сацыяльных сетках, што змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўлення;

Станіслава Кажамякіна паводле арт. 130 КК да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення за каментары ў сацыяльнай сетцы з заклікамі „да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”, якія не былі агучаныя ў судовым пасяджэнні.

Таксама праваабаронцам вядома пра змяшчэнне пад варту:

Вадзіма Нікалаева, працяглы час знаходзіцца пад вартай паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК, у тым ліку падчас судовага разгляду справы, які неаднаразова прыпыняецца для правядзення экспертызы; гэта сведчыць пра адсутнасць дастатковых падставаў для абвінавачвання;

Маргарыты Зотавай, узятая пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК;

Валерыі Глінскай і Іны Глінскай, узятыя пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС у Telegram-канал;

Мікіты Старажэнкі, узяты пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС і СК Telegram-каналу;

Дзяніса Сальмановіча, узяты пад варту паводле абвінавачвання ў дапамаганні тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі па арт. 289 КК за супрацоўніцтва з “дэструктыўнымі” Telegram-каналамі і стварэнне для іх графічнай прадукцыі;

Сяргея Лісоўскага, узяты пад варту паводле палітычна матываванага адвольнага абвінавачвання ў тэрарызме па арт. 289 КК за негвалтоўную дзейнасць: згодна з наяўнымі звесткамі, ён сустракаўся з супрацоўнікамі МУС і пераконваў іх адмаўляцца выконваць злачынныя загады, спрыяў рэлакацыі тых з іх, хто звальняўся са службы і асцерагаўся пераследу.

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці заяўляюць, што іх пераслед і зняволенне з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. 

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

[manual_related_posts]