У Беларусі могуць увесці крымінальную адказнасць за лжывую інфармацыю ў інтэрнэце



У Беларусі абмяркоўваецца пытанне аб увядзенні адказнасці за распаўсюджванне лжывай інфармацыі ў інтэрнэце, у тым ліку ананімнай крыніцай. Пра гэта паведаміў генеральны пракурор Аляксандр Канюк 6 чэрвеня ў Менску, узнагароджваючы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў пракуратуры. Як паведамляе інфармагенцтва БелТА, Канюк удакладніў, што гаворка ідзе пра ўвядзенне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, а таксама, магчыма, буйных матэрыяльных спагнанняў. Цяпер, нагадаў ён, у беларускім заканадаўстве прадугледжана адказнасць, у тым ліку крымінальная, за паклёп.

Генпракурор прывёў прыклад Германіі, у заканадаўстве якой прадугледжаны буйныя штрафы за распаўсюджванне фальшывага кантэнту. Сродкі масавай інфармацыі павінны даваць правераны кантэнт, паколькі „лжывая інфармацыя бударажыць грамадскую думку і мае негатыўныя наступствы”, дадаў Канюк.

Каментуючы па просьбе БелаПАН выказванне генеральнага пракурора, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец заявіў: пытанне аб увядзенні крымінальнай адказнасці за распаўсюджванне лжывай інфармацыі ў інтэрнэце з`яўляецца „чарговай спробай дзяржавы закруціць гайкі ў інфармацыйнай сферы”.

„Развіццё заканадаўства, якое датычыцца СМІ і распаўсюджвання інфармацыі, ідзе па кірунку ўсё большай жорсткасці і меншай адпаведнасці дэмакратычным стандартам, — сказаў Бастунец. — Мы бачым, што дзяржава накіроўвае свае намаганні на абмежаванне свабоднага распаўсюджвання інфармацыі ў інтэрнэце, асабліва гэта прыкметна ў апошні час. Усё гэта ўкладваецца ў матрыцу імкнення дзяржавы ўсталяваць жорсткі кантроль над інфармацыйнай сферай„.

„Інтэрнэт доўгі час быў і пакуль што застаецца найбольш свабоднай прасторай для распаўсюджвання інфармацыі. Але апошнія намаганні дзяржавы значна пашыраюць яе магчымасці кантраляваць інфармацыю ў інтэрнэце і змагацца з інфармацыяй, якую дзяржава лічыць немэтазгоднай, забароненай, той, што ёй не падабаецца”, — падкрэсліў кіраўнік БАЖ.

Ён звярнуў увагу на тое, што ўжо сёння ў Крымінальным кодэксе і іншых заканадаўчых актах Беларусі ёсць „мноства палажэнняў, накіраваных на абмежаванне непажаданай для дзяржавы інфармацыі”, а планаваныя змены ў закон аб СМІ дадуць дзяржаве яшчэ больш абмежавальных механізмаў.

„Тое, што яшчэ адзін склад злачынства плануецца ўвесці ў Крымінальны кодэкс, не можа не напружваць. Тым больш, мы ведаем, як нашы праваахоўныя органы і суды дастаткова „спакойна” ставяцца да доказаў таго, ці з`яўлялася тая ці іншая інфармацыя недакладнай, ці парушала яна чые-небудзь правы”, — падсумаваў Бастунец.  БелаПАН