У Беларусі можа быць уведзеная крымінальная адказнасць за прапаганду самазабойства



Папраўкі ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць увядзенне ў краіне адказнасці за прапаганду самагубства. Законапраект з прапанаванымі зменамі ў крымінальнае заканадаўства абнародаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент прадугледжвае дапаўненне КК артыкулам 342.1 „Прапаганда самагубства”. Згодна з ім, наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме інфармацыі з мэтай абудзіць у індывідуальна нявызначанага кола асоб рашучасць учыніць самагубства пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 145 „Давядзенне да самагубства” і 146 „Схіленне да самагубства”, караецца штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў.

Прапаганда самагубства, якая мела вынікам суіцыд або замах на самагубства, будзе пагражаць абмежаваньнем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Прапаганда самагубства, якая мела вынікам самагубства ці замах на яго дзвюх ці больш асоб, можа карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.   БелаПАН