У Беларусі налічылі амаль 200 тысяч беспрацоўных
У Беларусі фактычна беспрацоўнымі ў студзені-верасні былі 198,7 тысячы чалавек, паведамляе Белстат. Гэтыя даныя разлічаны па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы. Фактычнае беспрацоўе ў 29,2 разы перавышае афіцыйнае.
Паводле звестак Белстата, у канцы верасня афіцыйнае беспрацоўе склала 6,8 тысячы чалавек. Фактычна беспрацоўнымі ў студзені-верасні былі 198,7 тысячы чалавек. Гэта на 3,3%, ці 6,8 тысячы менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Узровень фактычнага беспрацоўя склаў 3,9% ад колькасці працоўных.
Большасць беспрацоўных шукалі працу самастойна – праз газеты, сайты, парады сяброў і сваякоў. Толькі 17,7% беспрацоўных звярталіся ў пошуках працы ў службу занятасці і шукалі працоўнае месца праз агульнарэспубліканскі банк вакансій, вынікае з дадзеных Белстата.
Сярод беспрацоўных жанчыны склалі 39,5%. Сярэдні ўзрост беспрацоўных – 38,3 гады.
«Канкурэнтаздольнасць беспрацоўных на рынку працы шмат у чым залежыць ад узроўню адукацыі, – паведамляе Белстат. – У агульнай колькасці беспрацоўных дамінавалі асобы з прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыяй (54,8%), узровень беспрацоўя ў гэтых групах склаў 4,5% і 6,7% адпаведна.
У той жа час найбольш нізкі ўзровень беспрацоўя адзначаўся сярод насельніцтва, якое мае вышэйшую адукацыю (2,2%)».
На 26 кастрычніка ў агульнарэспубліканскім банку вакансій значыцца 98,2 тысячы вакансій. З якіх 45,3 тысячы – з заробкам да 600 рублёў. Пры гэтым трэба ўлічваць, што ў вакансіі, як правіла, сума пазначана да выплаты падаткаў, гэта значыць „бруднымі”.
