У Беларусі пачалася найбуйнейшая аперацыя пошуку дзіцяці ў Белавежскай пушчы



Самая буйная ў Беларусі аперацыя па пошуку дзіцяці пачалася 23 верасня ў Белавежскай пушчы. Шукаць 10-гадовага хлопчыка Максіма Мархалюка добраахвотнікі і валанцёры цяпер будуць пад кіраўніцтвам дасведчаных спецыялістаў.

Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Упраўлення  ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкама Яраслаў Васілеўскі, у вёсцы Новы двор Свіслацкага раёна створаны аператыўна-сітуацыйны штаб, у які ўвайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў, МНС, мясцовай выканаўчай улады  ды іншыя. Менавіта тут будуць збіраць усю інфармацыю, а таксама каардынаваць дзеянні ўсіх удзельнікаў аперацыі.

Па афіцыйных падліках, у пятніцу ў пошукавых мерапрыемствах прыняло ўдзел каля 1.100 чалавек. На выходныя чакаецца прыбыцце яшчэ вялікай колькасці добраахвотнікаў. «Цяпер абраная наступная тактыка: абследуюцца забалочаныя часткі мясцовасці, а таксама раней правераныя часткі лесу. З надыходам цемры ўсе людзі павінны пакінуць лес, бо будзе задзейнічана беспілотная авіяцыя з цеплавізарам. Акрамя таго, на месцы працуюць вадалазы, тры верталёты МНС», – адзначыў Васілеўскі.

Як паведамілі ў пошукавым атрадзе «Анёл» на раніцу суботы абвешчаны збор добраахвотнікаў і каардынатараў з усёй Беларусі. Зніклага ў Белавежскай пушчы 10-гадовага Максіма Мархалюка шукаюць ўжо восьмыя суткі. Хлопчык пайшоў у лес па грыбы ўвечары 16 верасня і да гэтага часу не вярнуўся.