У Беларусі пачалася рэалізацыя праекта па стварэнні сеткі „зялёных школ”



У Беларусі пачалася рэалізацыя праекта „Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні („Зялёныя школы”)”, паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва ААН у Беларусі.

Чатырохгадовы праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі з бюджэтам 3,5 млн еўра фінансуецца Еўрасаюзам і будзе рэалізаваны Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі.

Праект ахопіць усе шэсць абласцей краіны і Менск. Ва ўсіх рэгіёнах плануецца стварыць „клубы экалагічнага маніторынгу”, а таксама прыцягнуць экалагічныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, валанцёраў, грамадскіх эколагаў для добраахвотнага маніторынгу парушэнняў заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя.

Арганізацыі грамадзянскай супольнасці будуць уцягвацца ў навучальна-асветную дзейнасць у сетцы „зялёных школ” Беларусі. Плануецца ўдасканаліць існыя і распрацаваць новыя школьныя факультатывы, якія ўключаць раздзелы па маніторынгу якасці паветра, а таксама павысіць кваліфікацыю настаўнікаў у галіне біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання энергіі і вады, адходаў, маніторынгу якасці паветра.

Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў стане пілотным аб’ектам для тэставання праграм навучання „Зялёныя школы” ва ўстановах падобнага тыпу.

belapan.by