У Беларусі пачаўся чарговы этап перапісу насельніцтва



21 кастрычніка працу пачалі перапісчыкі. Яны будуць наведваць дамы тых, хто не прайшоў перапіс праз інтэрнэт або на стацыянарных участках (распачаўся 14 кастрычніка), паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У гэтым годзе перапісчыкі будуць запаўняць анкеты на планшэтах. У іх таксама павінны быць пасведчанне і сумка са спецыяльным лагатыпам.

Праца перапісчыкаў і стацыянарных участкаў будзе доўжыцца па 30 кастрычніка.

Паводле звестак Белстата, у перапісе праз інтэрнэт, які праходзіў з 14 па 18 кастрычніка, прынялі ўдзел 2 млн 24 тыс. чалавек.

На 9 раніцы 21 кастрычніка ўдзел у перапісе насельніцтва праз інтэрнэт і на стацыянарных участках прынялі 4 млн 920,8 тыс. чалавек: у Берасцейскай вобласці — 700,5 тыс., Віцебскай — 557,1 тыс., Гомельскай — 691,6 тыс., Гарадзенскай — 560,6 тыс., Менску — 1 млн 26,1 тыс., Менскай вобласці — 921,78 тыс., Магілёўскай — 463,2 тыс. чалавек.

belapan.by