У Беларусі паменела раёнаў з «напружанай сітуацыяй» з працай



Раней 45% раёнаў Беларусі былі «з напружанай сітуацыяй на рынку працы». Цяпер больш за палову тых раёнаў перасталі быць «праблемнымі», але з’явіліся новыя «напружаныя».

Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця» на 2020 год. Сярод планавых паказнікаў кшталту валавога ўнутранага прадукту, экспарту тавараў і рэнтабельнасці продажаў у дакуменце вызначаюцца і «тэрыторыі з напружанай сітуацыяй на рынку працы».

Калі ў 2019 годзе ў спіс «напружаных» трапілі 52 раёны, і горад Бабруйск (ці 45% раёнаў краіны), то сёлета толькі 28 раёнаў і Бабруйск (ці 24% раёнаў).

Як і летась, механізм вызначэння «напружанасці» не апісваецца. Сітуацыя перастала быць «напружанай» шмат у якіх раёнах, а таксама ва ўсіх «праблемных» гарадах, акрамя Бабруйска: у Баранавічах, Берасці, Віцебску, Наваполацку і Пінску. За год сітуацыя стала напружанай у Бярозаўскім, Зельвенскім, Рагачоўскім, Добрускім, Бярэзінскім, Дрыбінскім, Круглянскім, Лагойскім, Мядзельскім і Расонскім раёнах.

Беларускае Радыё Рацыя