У Беларусі пасяліўся табун старажытных дзікіх коней



З Нідэрландаў у Налібоцкую пушчу прывезлі 151-го каня пароды Конік польскі – яна зараз найбольш блізкая да вымерлага ў сярэднія вякі па ўсёй Еўропе тарпана. 

У мінулым тарпаны падтрымлівалі лес у такім стане, што зубрам не было неабходнасці шукаць ежу па-за яго межамі. Пасля таго, як зубраў з Белавежскай пушчы выпусцілі на вольны выпас у Налібоцкім заказніку ў 90-я гады, яны штогод усё часцей і часцей выходзяць на палеткі – прыватныя і дзяржаўныя. Прычына – у зарастанні хмызняком месцаў харчавання зубраў. Галандцы маюць досвед аднаўлення страчаных відаў – тураў і тарпанаў.

Распавядае дырэктар Налібоцкага заказніку Васіль Гуркоў:

– Мы разлічваем, што дзякуючы гэтым коням, зубры будуць трымацца на гэтых пашах увесь сезон. Хіба што будуць адыходзіць толькі на сезон ацёлаў – травень – чэрвень. Калі гэта сістэма будзе сама сябе падтрымліваць без нашага ўдзелу, то мы зможам займацца новымі тэрыторыямі. Гэта будзе толькі вялікі плюс.

Галандцы перадалі табун бязвыплатна, самі правялі ўсе неабходныя ветэрынарныя і мытныя працэдуры. Але ёсць умовы, якія трэба выконваць, каб гэта было сапраўды натуральнае аднаўленне старажытнага віду.

– Мы не павінны выкарыстоўваць гэтых жывёлаў для сваіх гаспадарчых патрэбаў. Не павінны аказваць ім ветэрынарную дапамогу. Не павінны абараняць іх ад драпежнікаў. Не павінны ствараць умовы для іх утрымання. Не павінны карміць. Дазваляецца толькі падкормка ў крытычных для іх сітуацыях. Напрыклад, калі мароз звыш 20. У выпадку парушэнняў гэтых умоваў у адносінах хаця б да аднаго каня – штраф у суме тысяча еўра.

Налібоцкі табун за гэтыя дні ў Беларусі ўжо паболеў на аднаго коніка – у хуткім часе чакаецца яшчэ з дзясятак жарабят. Пакуль тарпанападобныя коні ўтрымліваюцца ў Налібоцкай пушчы пад аховай электрапастуха – яны яшчэ на каранціне.

Эксперымент адбываецца ў працяг праекта «Ветландс», што рэалізоўваўся ПРААН-ГЭФ дзеля устойлівага кіравання ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі.

Беларускае Радыё Рацыя