У Беларусі перахварэлыя на COVID-19 пачалі здаваць плазму



Першыя 15 чалавек, што перахварэлі на COVID-19, ужо сталі донарамі плазмы, якую будуць выкарыстоўваць пры лячэнні найбольш цяжкіх выпадкаў захворвання, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.

Спецыялісты РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій укараняюць такую методыку дапамогі пацыентам, якія ў сувязі з цяжкім станам знаходзяцца на асаблівым кантролі ў медыкаў.

Першыя шэсць чалавек здалі плазму ў Менску, 21 красавіка такое ж мерапрыемства праходзіць у Віцебску. „На абласной станцыі пералівання крыві Віцебска спецыялісты правялі забор плазмы з антыцеламі COVID-19 у беларусаў, якія перахварэлі на каранавірусную інфекцыю. Забор імуннай плазмы будзе праводзіцца і ў цэнтры трансфузіялогіі Мінска на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы. Таксама найбліжэйшымі днямі гэтую працэдуру плануюць пачаць праводзіць і ўсе абласныя цэнтры трансфузіялогіі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Міністэрства аховы здароўя звяртаецца да ўсіх ачунялых з заклікам стаць донарам і дапамагчы ўрачам выратаваць тых, хто больш цяжка пераносіць гэтае захворванне.

Пра ўкараненне ў краіне вытворчасці плазмы з антыцеламі да каранавіруса для выкарыстання пры тэрапіі найбольш цяжкіх выпадкаў захворвання паведаміў 8 красавіка падчас анлайн-брыфінгу міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя на 20 красавіка, колькасць пацверджаных у Беларусі выпадкаў COVID-19 дасягнула 6.264, памёр 51 чалавек. У Брэсцкай вобласці зарэгістравана 185 заражаных, у Віцебскай — 1.504, Гомельскай — 322, Гродзенскай — 176, Менскай — 789, Магілёўскай — 265, Мtнску — 3.023.

belapan.by

Фота aphp.fr