У Беларусі плануецца арганізаваць сістэму выдачы электронных віз
У Беларусі створана рабочая група для выпрацоўкі прапаноў па арганізацыі ў краіне сістэм электронных віз і аўтарызацыі падарожжаў.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, групу ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Яўген Шастакоў.
Рабочая група павінна сфарміраваць патрабаванні да сістэм электронных віз і аўтарызацыі падарожжаў, вызначыць заказчыкаў і каардынатара работ па распрацоўцы і ўкараненні гэтых сістэм; вызначыць аб’ёмы і крыніцы фінансавання, а таксама парадак нарматыўнага прававога рэгулявання працы сістэм.
Пры неабходнасці група можа прыцягваць да ўдзелу да працы іншых спецыялістаў. Арганізацыяй яе дзейнасці будзе займацца Міністэрства замежных спраў.
Працэдура атрымання электроннай візы выключае неабходнасць асабістай падачы дакументаў у пасольства краіны, дзе яна запытваецца. Усе дакументы запаўняюцца і перадаюцца праз інтэрнэт. Штамп электроннай візы звычайна ставіцца ў аэрапорце прыбыцця. У шэрагу краін, дзе ўжо дзейнічае сістэма электронных віз, яны выдаюцца толькі для турыстычных паездак і на кароткі тэрмін. Афармленне электроннай візы, як правіла, ажыццяўляецца ў больш кароткія тэрміны.
Паводле інфармацыі дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму, за 2016 год у Беларусь прыбыло 4.181.267 замежных грамадзян, у 2017 годзе — 4.327.813, за тры месяцы 2018 года — 947.690. „Гэта даныя Пагранкамітэта, якія не ўлічваюць расіян, што перасякаюць нашу граніцу”, — удакладніла начальнік аддзела маркетынгу і якасці турысцкіх паслуг дэпартамента Лія Стома.
