У Беларусі плануюць выкарыстанне банкаўскіх картак для аплаты праезду



У Беларусі ёсць магчымасць для стварэння адзінай нацыянальнай сістэмы платы за праезд на транспарце. Пра гэта заявіў 20 верасня на Менскім транспартным форуме Сяргей Акуліч, генеральны дырэктар IBA IT Park — вядучага цэнтра распрацовак IBA Group.

Паводле яго слоў, выкарыстанне для аплаты банкаўскіх картак — самы кароткі шлях для рэалізацыі такой сістэмы. Ён падкрэсліў, што валідатары кампаніі IBA, якіч ўстаноўлены і функцыянуюць у грамадскім транспарце, першапачаткова былі спраектаваны, каб у будучыні рэалізаваць магчымасць прыёму аплаты праезду ўсімі сучаснымі спосабамі. Дзякуючы гэтаму ў перспектыве магчымасць аплаты праезду банкаўскай картай зможа пашырыцца і на ўвесь камунальны транспарт Менска і іншых, у тым ліку малых, гарадоў.

„Тая інфраструктура па апрацоўцы транзакцый, якая створана ў праекце платы за праезд у Мінскім метрапалітэне, яна зможа быць задзейнічана і для апрацоўкі транзакцый на наземным транспарце. Застаецца адзіны элемент — гэта праца таго абсталявання, якое існуе ў самым транспартным сродку”, — адзначыў генеральны дырэктар IBA IT Park.

На думку намесніка старшыні праўлення „БПС-Ашчадбанка” Алега Бародкі, беларусы не проста гатовыя да ўкаранення гэтых тэхналогій плацяжоў — у жыхароў краіны ёсць патрэба ў такіх тэхналогіях. „Гэта стала ўжо проста штодзённай жыццёвай з’явай. Ёсць крытэрыі, якія кажуць пра гэта як пра факт, які адбыўся, — колькасць смартфонаў і іншых дэвайсаў на душу насельніцтва, глыбіня пранікнення інтэрнэту. Беларусь сярод краін СНД задае тон па інавацыях і па гатоўнасці насельніцтва гэтыя інавацыі падтрымаць” , — падкрэсліў ён.

„БПС-Ашчадбанк” мае намер ужо ў лістападзе гэтага года рэалізаваць пілотны праект па ўкараненні тэхналогіі аплаты праезду ў наземным транспарце Менска з дапамогай бескантактавых банкаўскіх картак.

Аўтаматызаваная сістэма аплаты і кантролю праезду (АСАКП), распрацаваная IBA Group і дзяржпрадпрыемствам „Мінсктранс”, была запушчана ў эксплуатацыю ў Мінску ў 2014 годзе і працягвае паспяхова развівацца.

У 2017 годзе АСАКП ахоплівала больш за 3.000 аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў, дзве лініі Менскага метрапалітэна, шэраг цягнікоў гарадскіх ліній Беларускай чыгункі і 500 аўтобусаў прыгарадных маршрутаў.

belapan.by

Фота belmarket.by