У Беларусі працадаўцам дазволяць звальняць за заклікі да палітычных забастовак



Змены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць скасаванне кантракту з работнікамі за заклікі да забастовак, якія не звязаныя з працоўнымі спрэчкамі, плануецца прыняць у Беларусі ў бліжэйшы час. Пра гэта ў нядзелю заявіў намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Рахманаў, паведамляе ТАСС са спасылкай на тэлеканал «Беларусь-1».

„Мы прадугледзелі і прапануем дадатковыя падставы да скасавання кантракту па ініцыятыве наймальніка з людзьмі, якія такой дэструктыўнай дзейнасцю займаюцца”, — адзначыў Аляксандр Рахманаў у інтэрв’ю праграме „Галоўны эфір”.

Рахманаў канстатаваў, што на сённяшні дзень даволі распаўсюджаная „тэматыка так званых незаконных забастовак”. „У выпадку з падзеямі другога паўгоддзя 2020 года ні аб якой працоўнай спрэчцы гаворкі не ішло”, — лічыць ён.

„Прымаліся меры для таго, каб расхістаць калектывы, каб прыпыніць ці ўвогуле спыніць працу прадпрыемства. І як мы бачым у далейшым — падзяліць рынкі, у тым ліку замежныя, на якіх прадукцыя нашых прадпрыемстваў карыстаецца попытам”, — заявіў намеснік дзяржсакратара.