У Беларусі працягваюцца шматлікія суды над затрыманымі ўдзельнікамі вулічных пратэстаў



У Беларусі 10 лістапада працягваюцца шматлікія суды над затрыманымі ў мінулыя выхадныя ўдзельнікамі вулічных пратэстаў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суды ў Менску і іншых гарадах разглядаюць як адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў акцый, так і тых, каго сілавікі затрымлівалі кропкава ў мінулыя выхадныя і раней.

Большасць з асуджаных сёння ў сталіцы атрымалі ад 12 да 15 дзён арышту і штрафы ад 15 да 30 базавых велічынь (405—810 рублёў), паведамляе spring96.org.

9 лістапада суды разгледзелі 240 адміністрацыйных спраў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 95 чалавек арыштаваныя ўвогуле на 1.367 дзён, 131 — аштрафаваны на агульную суму 53.245 рублёў.

На нядзельных акцыях Маршу народаўладдзя, а таксама падчас лакальных вячэрніх пратэстаў па ўсёй краіне было затрымана ад 1.023 чалавек (згодна са звесткамі праваабарончага цэнтра „Вясна”) да 1.250 чалавек (згодна са звесткамі тэлеграм-канала „Спісы затрыманых (Жодзіна+Акрэсціна+Баранавічы)”). Гэта рэкордныя лічбы пасля 9 і 10 жніўня, калі было затрымана прыблізна 3 тыс. і больш за 2 тыс. чалавек адпаведна.

belapan.by