У Беларусі расце кіберзлачыннасць



Кіберзлачыннасць дасягнула ў Беларусі ўражлівых маштабаў. У сувязі з гэтым Асацыяцыя банкаў, Таварыства абароны правоў спажыўцоў і сілавыя структуры аб’явілі акцыю па інфармаванні насельніцтва пра сучасныя метады кіберзлачынцаў. У асноўным людзей падманваюць падстаўныя супрацоўнікі банкаў або інтэрнэт-крамаў. З гэтай нагоды наш карэспандэнт пацікавіўся ў мінакоў на вуліцах Пінска, ці давялося ім за апошні год сутыкнуцца з “віртуальнымі махлярамі”:

– Тэлефанаваў прадстаўнік быццам бы з банка і пытаўся, ці не пералічвалі сродкі камусьці і назваў нейкае прозвішча.

– Прадставіўся нейкім там мужчынскім імем. Я сказала, што яго не чую, таму што па іншым тэлефоне размаўляла. Ён вылаяўся, і я адключыла.

– Спробы былі ў адносінах да мяне.

– Я нават была сведкай такога выпадку – у міліцыю заявіў грамадзянін, у якога спісалі з карты, хоць ён і адукаваны чалавек. Ён казаў, што сам ніколі не думаў, што на гэта трапіцца.

Па афіцыйных дадзеных, у Беларусі кіберзлачыннасць за апошняе пяцігоддзе вырасла ў 11 разоў. Калі ў 2015 годзе было зафіксавана 2 400 злачынстваў у гэтай сферы, то ўжо летась звыш 25 тысяч. Ад пачатку сёлетняга года заведзена каля 6 тысяч аналагічных спраў.

Беларускае Радыё Рацыя