У Беларусі скарачаецца колькасць працаздольнага насельніцтва



З 2012 па 2018 гады доля працаздольнага насельніцтва ў Беларусі знізілася на 4,5%, паведаміў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак 1 кастрычніка журналістам у Менску перад пачаткам міжнароднага форуму „Годнае даўгалецце: роўныя магчымасці для ўсіх пакаленняў”.

Паводле яго слоў, кожны пяты жыхар краіны знаходзіцца ў пажылым узросце. Прагназуецца, што да 2030 года доля пажылых людзей падвысіцца да 27%.

У той жа час чаканая працягласць жыцця павялічваецца: калі ў 2012 годзе яна складала 72,2 года, то ў 2018-м — 74,5 года, а да 2030 года мусіць дасягнуць 78 гадоў, паведаміў чыноўнік.

Паводле слоў намесніка міністра, асноўныя рызыкі, з якімі сутыкаецца грамадства ў сувязі са старэннем насельніцтва, — зніжэнне колькасці працаздольнага насельніцтва і рост дэмаграфічнага цяжару. „Гэта цягне за сабой праблему забеспячэння рынку кваліфікаванымі кадрамі, зніжэнне фінансавай устойлівасці пенсійнай сістэмы і рост дзяржаўных расходаў на ахову здароўя і сацыяльнае абслугоўванне, — сказаў Румак. — З 2012 па 2018 гады доля працаздольнага насельніцтва ў Беларусі знізіўся на 4,5%, або на 255 тыс. чалавек. Дэмаграфічны цяжар насельніцтва старэйшага за працаздольны ўзрост павялічыўся з 647 да 744 чалавек на 1 тыс. чалавек працаздольнага ўзросту. У той жа час удзельная вага сацыяльных выплат у агульным аб’ёме грашовых даходаў насельніцтва за гэты ж перыяд павялічылася з 18,8 да 20,8%”.

Краінавы дырэктар Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) па Беларусі Хайме Надаль адзначыў, што за апошнія 70 гадоў колькасць людзей старэйшых за 60 гадоў у свеце значна вырасла: „У 1950 годзе налічвалася 250 млн чалавек старэйшага ўзросту, у 2012 годзе іх было ўжо 810 млн, а да 2050 года, паводле прагнозаў, чакаецца не менш за 2 млрд. Працягласць жыцця ў 1900 годзе складала 45—50 гадоў, а ў 2018 годзе — 80 гадоў для развітых краін”.

Пры гэтым трэба ўлічыць, падкрэсліў Надаль, што нараджальнасць за гэтыя гады таксама прыкметна знізілася — з 5 дзяцей на адну жанчыну да 2,5.

Агульнасусветны феномен старэння насельніцтва развіваецца, і яго немагчыма спыніць, заявіў краінавы дырэктар ЮНФПА. „Гэта натуральнае следства развіцця аховы здароўя, — падкрэсліў ён. — Зараз мы знаходзімся на этапе пераходу з адной дэмаграфічнай мадэлі на іншую. Першая мадэль характарызавалася высокай нараджальнасцю і высокай смяротнасцю, другая — зніжэннем узроўню нараджальнасці і смяротнасці”.

На яго думку, адаптавацца да гэтага трэба з пазітыўным настроем. „Ёсць Мадрыдскі план па старэнні (Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння ад 2002 года. — БелаПАН.). Ён прадугледжвае новы падыход, згодна з якім старэнне пачынаецца з моманту нараджэння, таму ён будзе прымяняцца на працягу ўсяго жыцця. Другі элемент плана прадугледжвае стварэнне спрыяльнага асяроддзя, якое будзе дапамагаць развівацца. Трэці элемент — уцягванне людзей старэйшага ўзросту ў працэс прыняцця рашэнняў”, — сказаў Надаль.

belapan.by

Фота pravo.by