У Беларусі склалі рэйтынг імёнаў сярод дзяўчат-босаў



Беларускія кампаніі паступова пераходзяць на жаночае кіраўніцтва. Самае папулярнае імя сярод дзяўчат-босаў – Алена, за ёй ідзе Таццяна і Вольга. Цікавай статыстыкай да 8 сакавіка падзяліўся Банк Дабрабыт на аснове аналізу адасобленых дадзеных аб топ-менеджэры і бізнэсвумэн у краіне.

Сярод кіраўніц часцей за ўсё сустракаюцца Алены. Так клічуць 11% усіх дзяўчат ва ўпраўленні бізнэсам – дырэктараў прадпрыемстваў, галоўных бухгалтараў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Ледзь радзей высокія пасады займаюць Таццяны – іх 10% ад агульнай колькасці. На трэцім месцы апынуліся Вольгі – іх 9%. Адзінае падвойнае імя, якое сустрэлася сярод жанчын-кіраўнікоў – Алена-Аляксандра.

Амаль чацвёра з пяці, а дакладней 78% жанчын-кіраўнікоў маюць вышэйшую адукацыю. Кожная пятая бізнэсвумэн валодае толькі сярэдняй адукацыяй – агульным або спецыяльным.

Каля 40% жанчын-кіраўнікоў, галоўных бухгалтараў і ІП жывуць у Менску, па 8% – у Магілёве і Гародні, па 6% – у Берасці, Віцебску і Гомелі. Астатнія 26% жывуць і працуюць у іншых населеных пунктах Беларусі.

Самай маладой кіраўніцы – 23 гады, самай сталай – 78 гадоў. Больш за ўсё дзяўчаты-кіраўнікі маюць узрост 35-45 гадоў. Такі ж партрэт і ў жанчын, якія бяруць крэдыты на патрэбы бізнесу.

Што цікава, беларускія кампаніі ў асноўным узначальваюць замужнія жанчыны – іх 58%. На долю свабодных дзяўчат прыпадае 23%, разведзеных – 17%.

Імёны прааналізавалі і па знаках задыяку. Высветлілася, што найбольш амбіцыйныя дзяўчыны нарадзіліся пад знакамі Рака, Рыбы і Льва. Іх па 9% сярод кіраўніц. Менш за ўсё – Шаляў і Казярогаў (па 7%).

А вось часцей за ўсё крэдыты бяруць кампаніі, якімі кіруюць жанчыны-Рыбы. На іх долю прыпадае 11% ад усіх пазык. Далей ідуць Цяляты і Скарпіёны – у іх па 10%. Менш за ўсё крэдытаў лічыцца за прадпрыемствамі з босамі-паннамі – 5%.

«Даследаванне паказала, што дзяўчыны займаюць усё больш актыўную ролю ў кіраванні бізнесам. Шматлікія з іх узначальваюць кампаніі або займаюцца прадпрымальніцтвам. Асабліва высокая роля жанчын у сталічных кампаніях, але тэндэнцыя актуальная і для рэгіёнаў. Дзяўчыны вядуць справы ўпэўнена і не баяцца рызыкаваць: бяруць крэдыты, запускаюць новыя напрамкі, рэалізуюць перспектыўныя праекты», – растлумачылі ў Банку Дабрабыт.

Паводле прэс-рэлізу банка „Дабрабыт”