У Беларусі створаная грамадзянская ініцыятыва „Вызваленне-2020”



У Менску 27 кастрычніка прайшла сустрэча сваякоў зняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах, падчас якой было абвешчана пра стварэнне грамадзянскай ініцыятывы „Вызваленне-2020”.

Як паведамляе spring96.org, мэта ініцыятывы па вызваленні беларускіх палітвязняў — „данесці галасы іх родных да беларускай і міжнароднай супольнасці, узаемная падтрымка і ўмацаванне салідарнасці ў грамадстве”.

Удзельнікі сустрэчы адзначылі беспрэцэдэнтную колькасць палітвязняў у Беларусі. З пачатку прэзідэнцкай кампаніі 97 чалавек (па стане на 26 кастрычніка) прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.

Згодна з інфармацыяй Генпракуратуры, на гэты момант распачата больш за 400 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый пратэсту, якія прайшлі пасля выбараў. Паводле звестак праваабаронцаў, падазраваных і абвінавачаных па палітычных матывах прыблізна 500 чалавек.

Падчас сустрэчы было прапанавана наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасці, усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага зняволенага і іх сем’яў, аказваць ім маральную падтрымку.

Родныя палітвязняў перакананыя, што сумесныя намаганні будуць больш эфектыўныя ў справе іх вызвалення.

Ініцыятары кампаніі запрасілі сваякоў палітвязняў далучацца да ініцыятывы „Вызваленне-2020” (электронная пошта [email protected], кантакт у Telegram @viazni2020_bot). Яны выказалі надзею, што іх сумесны голас будзе пачуты.

belapan.by