У Беларусі ў 116 дзяцей пацверджаны COVID-19



У Беларусі ў 116 дзяцей пацверджана каранавірусная інфекцыя COVID-19, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Пацееў падчас анлайн-брыфінгу 16 красавіка.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, па стане на 14 красавіка такіх дзяцей было 80. Пацееў удакладніў, што дзяцей з каранавіруснай інфекцыяй у цяжкім стане, якія маюць патрэбу ў апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, у Беларусі няма. Па долі хворых COVID-19 дзяцей Беларусь не адрозніваецца ад іншых краін, падкрэсліў ён.

У дзяцей каранавірусная інфекцыя праходзіць бессімптомна або з павышэннем тэмпературы ў межах 37,1—38°C, млоснасцю, ванітамі, болямі ў жываце, адмовай ад ежы. У некаторых адзначаецца боль у горле і кашаль.

Пацееў адзначыў, што шпіталізуюцца дзеці са станоўчым тэстам на каранавірус, а таксама кантакты першага і другога ўзроўню пры наяўнасці клінічных прыкмет захворвання.

Як раней паведамляў БелаПАН са спасылкай на інфармацыю Міністэрства аховы здароўя, дзеці — кантакты першага і другога ўзроўню могуць быць пакінутыя дома пры ўмове самаізаляцыі і выканання рэкамендацый медработнікаў. Калі ў такога дзіцяці з’яўляюцца клінічныя сімптомы захворвання, трэба выклікаць хуткую дапамогу для яго шпіталізацыі. Стацыянары для такіх дзяцей вызначаны ў кожным рэгіёне.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на 16 красавіка колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 4.204, памерла 40 чалавек.

belapan.by