У Беларусі ўводзяць змены па дзяржпадтрымцы пры будаўніцтве жылля
У Беларусі ўводзяць змены па дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве жылля. Новаўвядзенні зацверджаны ўказам № 375 „Аб мерах па аказанні дзяржаўнай падтрымкі”. Дакумент прадугледжвае, што тыя, хто хоча палепшыць жыллёвыя ўмовы, змогуць атрымліваць дзяржпадтрымку не па месцы пастаноўкі ў чаргу. Да прыкладу, жыхары Менска і абласных цэнтраў змогуць скарыстацца такой магчымасцю, калі будуць будаваць жыллё ў гарадах (акрамя абласных цэнтраў і Менска), пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктах. Жыхары гарадоў абласнога і раённага падпарадкавання змогуць атрымаць дзяржпадтрымку не па месцы пастаноўкі ў чаргу, а калі будуць будаваць жыллё ў пасёлках гарадскога тыпу і сельскіх населеных пунктах; а жыхары пасёлкаў гарадскога тыпу – у вёсках.
Гэта значыць дакумент павінен стымуляваць беларусаў пераязджаць у больш дробныя населеныя пункты. Пры гэтым менчукі і жыхары абласных цэнтраў, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, змогуць без чаргі атрымаць дзяржпадтрымку на будаўніцтва ў населеных пунктах з колькасцю да 20 тысяч чалавек. Раней таксама можна было скарыстацца такой магчымасцю, але па чарзе.
Некаторыя змены датычацца шматдзетных сем’яў і сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Да прыкладу, шматдзетныя змогуць атрымліваць матдапамогу ад дзяржавы на пагашэнне крэдытаў або субсідый на пагашэнне асноўнага доўгу па камерцыйных крэдытах да дасягнення дзецьмі 23 гадоў. Зараз – да 18 гадоў.
Шматдзетным сем’ям, якія пражываюць у вёсках, будуць прадастаўляць дзяржпадтрымку з разліку 30 квадратных метраў на кожнага члена сям’і. Але і муж, і жонка павінны працаваць у гэтым населеным пункце.
Чыноўнікі таксама анансавалі, што павялічаць памер дзяржпадтрымкі для сем’яў, у якіх дзеці набылі інваліднасць падчас будаўніцтва жылля.
Некаторыя новаўвядзенні тычацца крэдытаатрымальнікаў і іх сем’яў. Да прыкладу, да 6 месяцаў павялічаць тэрмін вяртання ў бюджэт прадастаўленых субсідый, калі сям’я адмовіцца ад будаўніцтва жылля. Зараз гэты тэрмін складае 3 месяцы.
