У Беларусі ўводзяцца новыя пратаколы лячэння ВІЧ



У Беларусі ўводзяцца ў дзеянне новыя пратаколы лячэння ВІЧ-інфекцыі, паведаміў журналістам 26 ліпеня ў Менску першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Паводле яго слоў, новыя пратаколы былі падпісаныя ў траўні 2017 года. Яны ўводзяцца 1 студзеня 2018 года. Чакаецца, што новая сістэма дапаможа больш эфектыўна рухацца да спынення эпідэміі СНІДу да 2030 года, што прадугледжана палітычнай дэкларацыяй Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД (ЮНЭЙДС).

«Новыя пратаколы азначаюць, што ў Беларусі пашыраны доступ да антырэтравіруснай тэрапіі (АРВ-тэрапіі) для ўсіх узроставых катэгорый пацыентаў, з рознымі клінічнымі стадыямі захворвання», — паведаміў першы намеснік міністра. Ён растлумачыў, што да ўвядзення новых пратаколаў для пачатку лячэння патрэбныя былі пэўныя паказанні.

Паводле слоў Піневіча, з 18 тыс. ВІЧ-станоўчых, што знаходзяцца на ўліку, лячэнне атрымліваюць 9 тыс. Распрацаваныя 23 схемы лячэння. Піневіч паведаміў, што лячэнне ажыццяўляецца з дапамогай міжнародных арганізацый, але больш за 70% — гэта выдаткі дзяржавы, і ў далейшым яны будуць расці.

«Наша агульная палітыка з рознымі арганізацыямі, у тым ліку Глабальным фондам і ЮНЭЙДС, накіраваная на тое, каб доступ да тэрапіі станавіўся ўсё больш шырокім, — сказаў ён. — Мы ўводзім новыя праекты саматэставання, працягваем праграму замяшчальнай тэрапіі і праграму зніжэння шкоды пры шырокім ўдзеле грамадскіх арганізацый».

Піневіч таксама звярнуў увагу на тое, што спрашчэнне працэдуры дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў сістэме аховы здароўя дазволіць фінансаваць з бюджэту недзяржаўныя арганізацыі, якія даюць ВІЧ-станоўчым людзям доступ да розных паслуг.

Паводле слоў чыноўніка, Беларусь у сваім рэгіёне з’яўляецца адзінай краінай, адзначанай Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя як краіна, што найбольш паспяхова спраўляецца з эпідэміяй ВІЧ/СНІД.

Асновай для распрацоўкі нацыянальных пратаколаў стала выпушчанае СААЗ у 2016 годзе зводнае кіраўніцтва па выкарыстанні антырэтравірусных прэпаратаў для ВІЧ-інфікаваных.

Кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў паведаміў, што ўпершыню арганізацыя дала рэкамендацыю лячыць усіх ВІЧ-інфікаваных у 2015 годзе. Згодна з гэтай рэкамендацыяй кожны інфікаваны павінен пачынаць антырэтравірусную тэрапію як мага хутчэй пасля пастаноўкі дыягназу. Такім чынам СААЗ зняла абмежаванні для пачатку лячэння. „Дадзеная рэкамендацыя была заснаваная на выніках клінічных даследаванняў, якія пацвярджаюць, што ранні пачатак антырэтравіруснай тэрапіі спрыяе зніжэнню смяротнасці, паляпшэнню здароўя ВІЧ-інфікаваных, а таксама зніжэнню рызыкі перадачы віруса партнёру”, — сказаў Бердыклычаў.

БелаПАН