У Беларусі ўзяліся за блакаванне праграмы Tor



У Беларусі пачалося блакаванне сеткі Tor, якая дазваляе абыходзіць цэнзуру ў Інтэрнэце. ІT-cпецыялісты спачатку заўважылі афіцыйную статыстыку распрацоўшчыка гэтага праграмнага забеспячэння, паводле якой колькасць беларусаў-карыстальнікаў tor скарацілася на 30-40% за бягучы месяц. Эксперт па кампутарнай бяспецы Аляксей Чарняеў спецыяльна вывучаў пытанне блакавання tor у Беларусі.

– У сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца пытанні ад карыстальнікаў гэтага праграмнага сродку, якія запытваліся і спрабавалі разабрацца, чаму яны не могуць падлучыцца. Я правёў эксперыменты з падлучэннямі розных беларускіх правайдэраў, і, такім чынам, стала зразумела, што ў краіне адбываецца досыць татальнае блакаванне. – Распавёў Аляксей Чарняеў.

Эксперт па кампутарнай бяспецы Андрэй Толчын перакананы, што блакаванне праграмы выклікана палітычнымі прычынамі.

Андрэй Толчын:

– Досвед “Вясны” ў арабскіх дзяржавах паказаў, што людзі будуць выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі, будуць выкарыстоўваць іншыя сучасныя сродкі інфармацыі для таго, каб паміж сабой размаўляць, абмяркоўваць праблемы, таму ў Беларусі робяць спробу адкатаць блакіроўку гэтай сістэмы Tor.

IT-спецыяліст Аляксей Чарняеў заўважае, што блакаванне Tor можа мець негатыўныя наступствы для беларускіх карыстальнікаў.

Аляксей Чарняеў:

–  Інтэрнэт як медыюм адыгрывае выключную ролю ў інфармаванні дзеля таго, што  ўся інфармацыя дасяжная праз некалькі клікаў. Цэнзура, нават калі яна не з’яўляецца тэхнічна дасканалай, прыводзіць да таго, што вырастае аб’ём высілкаў, якія трэба здзейсніць для карыстальнікаў для атрымання забароненай інфармацыі. І гэта адсякае досыць значную колькасць патэнцыйных чытачоў. 

Юрыдычныя захады блакавання Tor у Беларусі былі прынятыя 19 лютага 2015 году. У Пастанове №6.8 Аператыўна-аналітычнага цэнтра фіксаваласася патрэба ў цэнзуры шэрагу рэсурсаў, у тым ліку праграмы Tor.

Tor – гэта свабоднае праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе ўсталёўваць ананімнае сеткавае злучэнне. Схаваныя сэрвісы Tor прадастаўляюць сваім карыстальнікам магчымасць стварэння вэб-сайтаў і электронных СМІ, не раскрываючы канфідэнцыйную інфармацыю.

Эксперт па кампутарнай бяспецы Аляксей Чарняеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку рэкамендуе наступныя крокі пры блакіроўцы праграмы Tor:

У самым простым сцэнары, пабачыўшы, што працэс падлучэння нікуды не рухаецца, націсніце на кнопку Open settings, далей: 1. Configure і Next 2. Yes, Next 3. Connect with provided bridges, Next 4. No (ці Yes, калі вы ведаеце навошта), Connect

Калі ж гэтая схема не прывядзе да поспеху, то Аляксей Чарняеў раіць наступны варыянт:

– Для гэтага можна зрабіць адно з прапанаваных дзеяньняў:

1. Наведаць сайт bridges.torproject.org (прынамсі, пакуль ён незаблякаваны), 2. Даслаць ліст з камандай get bridges у целе ліста на адрас bridges@bridges.torproject.org. Адказ вы атрымаеце толькі, калі вашая скрынка на gmail, riseup, ці yahoo. Google Apps з уласным дамэнам не спрацуе. Магчымыя таксама затрымкі.

Вы атрымаеце тры радкі выгляду: bridge 11.22.33.44:55

У папярэдняй інструкцыі ў п.3 выбіраем замест „Connect with provided bridges” пераключаемся на „Enter custom bridges” і ўстаўляем туды атрыманыя радкі.

 

Беларускае Радыё Рацыя