У Беларусі вызначылі крытэрыі абавязковага агляду на каронавірус
Міністэрства аховы здароўя пастановай ад 30 кастрычніка № 91 устанавіла медыцынскія крытэрыі, згодна з якімі людзей павінны ў абавязковым парадку аглядаць на COVID-19. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Да такіх крытэрыяў адносяцца: сухі кашаль з невялікай колькасцю харкоціны, якая цяжка адходзіць, адчуванне здушэння, цяжар у грудной клетцы, дыхавіца, ліхаманка, слабасць, парушэнне смаку і нюху, боль, пяршэнне ў горле, кан’юнктывіт, галаўны боль, дыярэя, сып, міялгія пры наяўнасці эпідэміялагічнага анамнезу на магчымасць заражэння інфекцыяй COVID-19; паражэнне лёгачнай тканкі з наяўнасцю сімптому „матавага шкла”, выяўленае паводле вынікаў камп`ютарнай тамаграфіі; станоўчы вынік лабараторнай дыягностыкі на інфекцыю COVID-19.
Медыцынскаму агляду таксама падлягаюць: людзі, якія адносяцца да кантактаў першага і другога ўзроўню з асобамі, што маюць каранавірусную інфекцыю, пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў (гаворка ідзе пра дзяцей да 10 гадоў, якія наведваюць установу дашкольнай або агульнай сярэдняй адукацыі); людзі, якія падлягаюць шпіталізацыі для аказання планавай медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах; медыцынскія работнікі пры аказанні імі медыцынскай дапамогі асобам з інфекцыяй COVID-19.
Згодна з законам „Аб ахове здароўя” медыцынскі агляд праводзіцца ў тым ліку ў выпадках неабходнасці ўстанаўлення або пацвярджэння факта наяўнасці ці адсутнасці ў асобы захворвання, якое ўяўляе небяспеку для здароўя насельніцтва.
Міністэрства аховы здароўя таксама ўстанавіла патрабаванні да санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў пры рэгістрацыі выпадкаў COVID-19 (пастанова ад 30 кастрычніка № 92).
Так, дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі і ІП не павінны дапускаць у калектыў людзей з сімптомамі рэспіраторнай інфекцыі, якая не выключае інфекцыю COVID-19, і павінны своечасова адхіляць такіх людзей ад працы або вучобы. У памяшканнях кожны дзень павінна праводзіцца вільготнае прыбіранне з выкарыстаннем сродкаў дэзынфекцыі, эфектыўных да вірусаў і дазволеных да выкарыстання для гэтых мэт.
Працадаўца павінен забяспечыць умовы для захавання сацыяльнай дыстанцыі паміж работнікамі (членамі калектываў) і наведнікамі (кліентамі або іншымі асобамі). У агульнадаступных месцах (на інфармацыйных стэндах) у кампаніях і арганізацыях павінна быць размешчаная наглядная інфармацыя па прафілактыцы COVID-19.
Ва ўстановах адукацыі супрацоўнікі, студэнты, курсанты, слухачы павінны прысутнічаць у сродках аховы органаў дыхання (масках, рэспіратарах). Калі 30% ад агульнай колькасці навучэнцаў установы адукацыі захварэлі, то неабходна праінфармаваць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія могуць прыняць рашэнне аб прыпыненні адукацыйнага працэсу.
Работнікі аўтамабільнага, паветранага, чыгуначнага транспарту, уключаючы метрапалітэн, павінны быць забяспечаныя сродкамі аховы органаў дыхання і выкарыстоўваць іх. Такія ж патрабаванні павінны выконвацца на прамысловых прадпрыемствах, аб`ектах гандлю і грамадскага харчавання, у арганізацыях сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя на 5 лістапада, за апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 982 новыя выпадкі COVID-19, тры чалавекі памерлі.
