У Беларусі яшчэ 4 чалавекі прызнаныя палітвязнямі
Яшчэ 4 чалавекі ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі. Гэта — Уладзімір Жук, Аляксей Шчытнікаў, Аляксандр Зайкоўскі і Арцём Саковіч. Усе яны былі асуджаныя за гвалт у адносінах да міліцыянераў падчас пратэстаў. Аднак праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.
Жук у жніўні сёлета быў асуджаны судом Светлагорскага раёна да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Ён удзельнічаў у акцыях пратэсту ў Жлобіне і нібыта супраціўляўся міліцыі, якая разганяла людзей. Шчытнікаў тыдзень таму асуджаны судом Маскоўскага раёна Менску да 5 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Сцвярджаецца, што ён ненаўмысна сутыкнуўся з аўтамабілем ДАІ, пасля чаго зазнаў напад сілавіка без апазнавальных знакаў. У паніцы з месца здарэння з’ехаў, пасля чаго здаўся экіпажу патрульнага аўтамабіля. Зайкоўскі 7 верасня асуджаны судом Цэнтральнага раёна Менску да 2 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Ён кінуў шкляны келіх ў аўтобус міліцыі. Менчука Саковіча асудзілі на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу.
Такім чынам, на сёння ў Беларусі налічваецца 671 палітвязень. Усяго па палітычных справах могуць праходзіць некалькі тысячаў чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
