У Беларусі за апошнія суткі зарэгістравана 1.853 выпадкі COVID-19



За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.853 выпадкі COVID-19.

Памерлі 10 чалавек з каранавіруснай інфекцыяй, вынікае са звестак Міністэрства аховы здароўя. З пачатку эпідэміі ў краіне гэта рэкордная колькасць памерлых пацыентаў з выяўленай інфекцыяй COVID-19.

Другі дзень запар колькасць новых выпадкаў нязначна зніжаецца. 13 снежня быў зарэгістраваны 1.961 выпадак каранавіруса, памерлі дзевяць чалавек, днём раней — 1.975 (рэкордная колькасць), восем пацыентаў памерлі.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 162.148, памерла 1.273 пацыенты з каранавірусам.

Ачуняла 139.785 пацыентаў. За суткі выпісаны з устаноў аховы здароўя 1.321 пацыент з COVID-19.

За суткі выканана 16.103 тэсты. Усяго ў краіне праведзена 3.625.620 тэстаў на каранавірус.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, рэкорды захворвання ў Беларусі абнаўляліся 3 (1.701 выпадак), 4 (1.774) і 5 (1.896) снежня, а 6, 7 і 8 снежня колькасць хворых на COVID-19 паступова зніжалася — 1.878, 1.796 і 1.649 выпадкаў за суткі адпаведна. 9 снежня колькасць новых выпадкаў за суткі зноў пачала расці (1.851), а 10 (1.939), 11 (1.967) і 12 снежня (1.975) зноў былі абноўленыя рэкорды захворвання.

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас наведвання Аляксандрам Лукашэнкам 14 снежня 4-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска паведаміў, што Беларусь цяпер знаходзіцца на піку пнеўманій і пратрымаецца на ім мінімум паўтара месяца. Паводле яго слоў, другая хваля пандэміі COVID-19 пачне спадаць толькі блізу лета.

„Нягледзячы на высокую нагрузку на сістэму аховы здароўя з-за пандэміі, у краіне не перасталі аказваць спецыялізаваныя віды медыцынскай дапамогі”, — цытуе Піневіча прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by